ВАВІЛО́НСКАЯ ВЕ́ЖА,
свяшчэнная вежа (зікурат) у гонар бога Мардука, пабудаваная ў г. Вавілон. Буд-ва адносіцца да 2-га тыс. да н.э., канчатковы выгляд Вавілонская вежа набыла ў 6 ст. да н.э. Паводле Герадота і археал. знаходак, уяўляла сабой масіўнае мураванае збудаванне з сямі ступеняў (даўж. 92 м, выш. 91 м); на верхнім ярусе знаходзілася свяцілішча, дзе быццам бы жыў Мардук. Знёс вежу Аляксандр Македонскі, які планаваў пабудаваць на яе месцы гал. свяцілішча імперыі. Паводле Бібліі, буд-ва і разбурэнне вежы цесна звязаны са змяшаннем моў розных народаў (гл. Вавілонскае стоўпатварэнне). Грэкі лічылі Вавілонскую вежу адным з дзівосаў свету.
т. 3, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)